Прысутныя: Павел Шут, Алесь Булойчык, Зьміцер Саўка, Віталь Станішэўскі, Уладзь Кошчанка, Усевалад Чорны.
Прадмова: пры падрыхтоўцы слоўніка нам спатрэбяцца не толькі тэрміны, але і частыя спалучэнні. Таму пачынаем прыводзіць іх.
Fail, error, warning, notify, alert, alarm, receipt, attention, bug, announce, message
Словы даволі блізка выкарыстоўваюцца, дзеля таго, каб іх не зблытаць, абмяркоўваем сукупна.
Error. Прапанаваныя варыянты: памылка і хіба. Памылка — агульнаўжыванае ў гэтым сэнсе слова (няправільнасць у нейкіх дзеяннях). Хіба мае пэўную гісторыю у звязку «даць хібу» — «памыліцца». Шляхам абмеркавання і звярання са слоўнікамі выявілі, што першы сэнс хіба — гэта «похібка», тое, што па-расейску «промашка», нешта кшталту «непацэл»; таксама хіба мае другі сэнс, які нам можа спатрэбіцца — гэта недасканаласць, недахоп, дэфект, што нашмат бліжэй да bug (!).
Warning. Тэрміналагічначя частка — папярэджанне (папераджэ́нне — рэдкі варыянт, папярэджванне — выключна працэсуальны). Зважай непажадана выкарыстоўваць у інтэрфэйсах у дачыненні да карыстальніка пры наяўнасці нейтральнага слова. Warning і attention пры выкарыстанні ў тэксце ў якасці аднаслоўнага сказу ці падобнага (напрыклад, «Warning!») ня маюць тэрміналагічнага складніку, таму перадаем агульнамоўным — увага. Сюды ж адносіцца і attention.
Message. З прычыны велізарнага выкарыстання зацверджана як паведамленне.
Notification. Таксама з нагоды вялікае ўжыванасці — апавяшчэнне.
Announcement. Слова сінанімічнае з notification, вымагае штучнага развядзення. Абвяшчэнне (абвяшчаць).
Alarm. Падобная прылада называецца словам са старым успрыманнем — будзільнік (будзік, будзель, будзька, буднік). Alarm жа не толькі будзіць, а наагул — сігналізуе пра пэўны выстаўлены час (мэты прызначэння самыя розныя). Ёсць не надта папулярнае слова алярм (алярмаваць), якое, відавочна, адпавядае сэнсу, бо ёсць пазычаннем праз польскую і французскую з італійскай (all'arme — «усе да зброі»). Трывога можа падысці толькі ў спалучэнні сігнал трывогі, але гэта спалучэнне. Сігналізацыя (сігналізаваць) разгледжаная не была.
Alert. Слова ўтрымлівае 2 сэнсы: апавяшчэнне і перасцярога. Першае прывязваем да notification, другое так і запісваем: перасцярога.
Receipt. Квіток — заматэрыяльнае, просты пераклад, пацверджанне можа быць выкарыстанае для confirmation.
Fail. Няўдача (не ўдалося) адкінутая з прычы замоцнага сэнсу. Збой — калька з расейскай; у нашай мове мае іншы сэнс. Крах — таксама замоцны сэнс.
У выніку маем такую прапанову:
error — памылка
error reporting — паведамленне аб памылках
bug — хіба
warning — папярэджанне
warning level — узровень папярэджання
warning (агульнамаоўнае) — увага
attention (агульнамаоўнае) — увага
message — паведамленне
e-mail message — (электронны) ліст
notify — апавяшчаць
notification — апавяшчэнне
notification recipient — атрымальнік апавяшчэння
application notification — апавяшчэнне (карыстальніцкай) праграмы
user notification — апавяшчэнне карыстальніка
notification area — пляцоўка (? гл. area) апавяшчэнняў
announce — абвяшчаць
announcement — абвестка
alarm — алярм, алярмаваць (пад пытаннем)
alarm sound — гук алярму
alert — 1) гл. notification (апавяшчэнне); 2) перасцярога
conversation alert — апавяшчэнне аб гутарцы (? гл. conversation)
information alert — інфармацыйнае апавяшчэнне
program alert — апавяшчэнне праграмы
receipt — квіток (пад пытаннем)
delivery receipt — квіток аб дастаўцы (? гл. delivery)
read receipt — квіток аб прачытанні(?)
PS: часам развядзенне даволі фармальнае; на практыцы часцяком сустракаюцца словы, што маюць сінанімічнае значэнне, але выкарыстаныя у розным тэрміналагічным значэнні.